Эндакрыналогія — надзвычай важная галіна медыцынскай навукі. Структуры, з якімі яна мае справу, вызначаюць гамеастаз арганізма, г. зн. яго ўнутраны баланс, і ўплываюць на здольнасць адаптавацца да зменлівых умоваў вонкавага асяроддзя і стрэсагенных фактараў.
Лекар-эндакрынолаг займаецца прафілактыкай, дыягностыкай і лячэннем захворванняў органаў, якія ўтвараюць эндакрынную сістэму нашага арганізма і выпрацоўваюць розныя гармоны.
Тэрмін «гармон» паходзіць ад старажытнагрэцкага слова «hormao», што значыць «рухаю», «падштурхоўваю». Гармон — біяхімічнае злучэнне арганічнай прыроды, якое рэгулюе функцыянаванне ворганаў і тканак, размешчаных не толькі паблізу, але і воддаль ад месца яго сакрэцыі. Наяўнасць і канцэнрацыя некаторых гармонаў з’яўляецца вызначальным фактарам ва ўстойлівым функцыянаванні ўсяго арганізма.
Непазбежныя гарманальныя і метабалічныя змены, якія адбываюцца ў арганізме з узростам, істотна ўплываюць на фізічны і псіхалагічны стан і, як вынік, на якасць жыцця ўжо немаладога чалавека.
Гэтак, у перыяд менапаўзы (45–55 гадоў) у арганізме кабеты адбываюцца гарманальныя змены, якія цягнуць за сабой з’яўленне разнастайных непрыемных сімптомаў. Цягам гэтага перыяду зніжаецца, а затым і прыпыняецца сінтэз эстрагенаў — галоўных жаночых гармонаў маладосці і прыгажосці. Менавіта яны ўплываюць на захаванне эластычнасці і пругкасці скуры, папярэджваючы з’яўленне зморшчкаў.
У выніку змянення гарманальнага фону адбываецца не толькі страта рэгулярнасці менструальных цыклаў, але і пагаршэнне стану скуры (у прыватнасці, сухасць і друзласць), выпадзенне валасоў, падвышаная стамляльнасць, агульнае пагаршэнне самаадчування. Змены канцэнтрацыі эстрагенаў таксама павялічваюць рызыку развіцця больш сур’ёзных захворванняў, мова пра атэрасклероз і астэапароз.
Шмат у каго з кабетаў у веку 45+, у тым ліку і ў тых, хто ўважліва сочыць за сваім харчаваннем і фізічнай актыўнасцю, раптам з’яўляецца лішак вагі і пачынае выпіраць жывот. Гэтыя эстэтычныя праблемы таксама з’яўляюцца вынікам гарманальнага дысбалансу.
Узроставыя гарманальныя змены ў мужчын з’яўляюцца адной з прычынаў дыябету, атэрасклерозу, захворванняў прастаты і нават эрэктыльнай дысфункцыі.
Прагрэс гарманальнага браку, які адбываецца з узростам, можа быць, з аднаго боку, прычынай, а з другога — вынікам метабалічных парушэнняў. Такім чынам, мы маем справу са своеасаблівым гарманальна-метабалічным заганным колам, разарваць якое можа толькі кваліфікаваны эндакрынолаг.
Гарманальныя збоі ў арганізме здараюцца і ў дзяцей, асабліва ў перыяд плоцевага саспявання. На іх спецыялізуецца дзіцячая эндакрыналогія.
Да эндакрынолага звяртаюцца таксама з захворваннямі ці разладамі гіпофіза, шчытавіцы і парашчытаватых залозаў, надныркавіцаў, надстраўніцы, мацічнікаў (у кабетаў) і насеннікаў (у мужчын). Асобны раздзел эндакрыналогіі прысвечаны ранняму выяўленню пераддыябетнага стану, лячэнню цукровага дыябету і яго шматлікіх ускладненняў.
Існуе гінекалагічная эндакрыналогія, якая займаецца дыягностыкай і лячэннем гарманальных парушэнняў, што ўзнікаюць у выніку парушанага функцыянавання жаночых плоцевых залозаў.
Пацыенткам Rclinic, якія пакутуюць ад такіх праблемаў, як:
- перадменструальны сіндром, забагатыя, бедныя ці гемарагічныя менструацыі;
- нерэгулярны менструальны цыкл;
- крывяцёк ці крывяністыя выдзяленні пасля плоцевага акту ці паміж менструацыямі;
- празмернае набрынянне малочных залозаў,
неабходная кансультацыя і далейшае назіранне не толькі ў гінеколага, але і ў эндакрынолага.
Акрамя таго, гінекалагічная эндакрыналогія займаецца вядзеннем цяжарнасці, пры якой таксама паўстаюць гарманальныя парушэнні; праблемамі бясплоднасці, абумоўленымі эндакрыннымі прычынамі.
Калі варта звярнуцца да эндакрынолага?
Эндакрынныя захворванні (у тым ліку найбольш цяжкія) адрозніваюцца надзвычай неспецыфічнымі сімптомамі, на якія многія ўвогуле не звяртаюць увагі, спісваючы ўсё на ўзрост ці заўсёдныя стрэсы.
Таму не адтэрміноўвайце візіт да эндакрынолага, калі заўважылі ў сябе адзін або некалькі наступных сімптомаў:
- раптоўная страта альбо набор вагі, рэзкія хістанні масы цела;
- з’яўленне шматлікіх вугроў не ў перыяд плоцевага саспявання;
- празмернае потавывядзенне;
- рухальная гіперактыўнасць;
- залішняе абваласенне ў кабетаў у месцах, тыповых для мужчын (гірсутызм);
- празмернае выпадзенне валасоў, аблысенне;
- перыядычныя галаўныя болі неўдакладненага генезу; бяссонне ці празмерная дрымотнасць;
- апатыя, заўсёдная занепакоенасць, хранічная стомленасць, зніжэнне імунітэту;
- інфертыльнасць (бясплоднасць), зніжэнне (страта) лібіда.
Яшчэ раз падкрэслім: сужэнцы з праблемамі фертыльнасці і кабеты ў перыяд менапаўзы таксама павінны знаходзіцца пад назіраннем не толькі гінеколага (уролага), але і эндакрынолага.
Што адбываецца на кансультацыі эндакрынолага? Спачатку доктар праводзіць падрабязнае апытанне пацыента, даведваючыся пра назіраныя сімптомы, іх цяжкасць, перыядычнасць, перанесеныя захворванні, лекі, які прымаюцца, і да т. п. Затым, пры неабходнасці, эндакрынолаг накіроўвае на спецыяльныя лабараторныя і інструментальныя даследаванні (УГД надстраўніцы і шчытавіцы, надныркавіцаў, біяпсія шчытавіцы), на аснове якіх можна паставіць слушны дыягназ і прызначыць адпаведнае лячэнне.
Адзначым, што большасць неабходных дыягнастычных працэдураў можна выканаць на месцы, у нашым медыцынскім цэнтры, з дапамогай высокатэхналагічнай апаратуры экспертнага класу. У Rclinic таксама можна атрымаць кансультацыю гінеколага, анколага ці хірурга, рэкамендаваную вашым эндакрынолагам.
Час няўмольны, і мы не можам паўплываць на натуральныя фізіялагічныя працэсы старэння, а вось на здароўе і прыгажосць — можам!
Паспяховым, прафесійна і паводле ладу жыцця, актыўным мужчынам і кабетам, якія, натуральна, не хочуць мірыцца з пералічанымі вышэй і шмат якімі іншымі ўзроставымі зменамі, неабходна абавязкова наведаць эндакрынолага.
Адэкватна падабраная гарманальная тэрапія дапаможа захаваць не толькі вашае здароўе, але і прыгажосць, і маладосць на доўгія гады: вярнуць бляск і зіхаценне вашай скуры, моц і пругкасць — косткам, валасам і нават пазногцям; знізіць схільнасць арганізма да назапашвання тлушчавай тканкі ў зоне жывата і бакоў; наладзіць функцыянаванне мачаплоцевай і рэпрадуктыўнай сістэмы; падвысіць кагнітыўныя здольнасці і якасць жыцця ўвогуле.