Хірургія шмат у каго выклікае асацыяцыі з найскладанейшымі працэдурамі, што выконваюцца ў аперацыйнай пад наркозам, у выніку якіх цэлая каманда лекараў ратуе жыцці людзей. Вядома, хірургі ажыццяўляюць і такія аперацыі, але ў меней сур’ёзных выпадках нярэдка спецыялісты могуць дапамагчы і амбулаторна, г.зн. патрэбы ў працяглым знаходжанні ў лякарні няма.
З іншага боку, азначэнне «меней сур’ёзны выпадак» вельмі ўмоўнае: здараецца, што хірургічная паталогія (у тым ліку выкліканая хранічным захворваннем) развіваецца да вострага стану літаральна цягам некалькіх гадзінаў. Таму варта неадкладна трапіць на кансультацыю да хірурга, калі ў вас маюцца:
- часты інтэнсіўны боль у вобласці жывата, часам меней выяўлены, але які не праходзіць цалкам;
- парушэнні і разлады стулу; моташнасць, ваніты;
- дыскамфорт у заднім праходзе, наяўнасць крыві падчас дэфекацыі;
- абцяжаранае мочавыпусканне, кроў у мачы;
- рэзаныя і колатыя раны з пашкоджаннем мяккіх тканак;
- любыя гнойна-запаленчыя працэсы скуры, гнойныя абсцэсы, працягла незагойныя раны, запаленні каляпазногцевага валіка;
- незразумелыя выпінанні ў пахвіне ці жываце;
- павелічэнне лімфатычных вузлоў у любым месцы (а асабліва шыйных, пахвінных і падпахавых); нарыў у вобласці пазногцевай пласціны; варыкознае пашырэнне венаў і судзінныя зорачкі;
- сталы галаўны боль, боль у канцавінах, паяснічным аддзеле хрыбетніка;
- выцятыя месцы, звязаныя з траўмай любога паходжання;
- боль і набраканне ніжніх ці верхніх канцавінаў, змена адчувальнасці, тэмпературы і колеру канцавінаў;
- выяўленне на скуры кляшча (бо яго неабходна выдаляць).
У нашым медыцынскім цэнтры вы можаце атрымаць кансультацыі па любой хірургічнай паталогіі, пры неабходнасці прайсці дадатковыя дыягнастычныя даследаванні (ультрагукавыя, лабараторныя), пракансультавацца ў іншых спецыялістаў (флеболага, гінеколага, уролага, анколага, неўролага, тэрапеўта), а таксама ажыццявіць неабходнае аператыўнае ўмяшанне ў амбулаторных умовах.
Сутнасць амбулаторнай хірургіі палягае ў выкарыстанні малаінвазіўных хірургічных методык, якія дазваляюць кароткачасовае знаходжанне пацыента ў медыцынскім цэнтры і магчымасць яго выпіскі ў дзень працэдуры. Яшчэ гэтую галіну называюць “малой хірургіяй” альбо “хірургіяй аднаго дня”.
Скарачэнне часу чакання працэдуры, мікраразрэзы без крывацёкаў, бязбольнасць, зніжэнне рызыкі інфікавання раны і іншых ускладненняў, хуткае вяртанне да прафесійнай дзейнасці — найважнейшыя перавагі амбулаторнай хірургіі Rclinic. Пацыент знаходзіцца ў нас усяго адзін дзень і таму не выпадае са звыклых ладу і рытму жыцця і ў выніку зазнае меншы псіхалагічны дыскамфорт.
Вось найбольш запатрабаваныя і даступныя працэдуры амбулаторнай хірургіі, якія выконвае кваліфікаваная і дасведчаная каманда Rclinic.
Дапамога пры ўрослым пазногці
Урослыя пазногці на нагах — даволі непрыемнае захворванне, якое прыводзіць да болю і дыскамфорту ў паўсядзённым жыцці. З праблемай, што пазногцевая пласціна пачынае ўрастаць пад скуру пальца, можа сутыкнуцца любы чалавек незалежна ад полу і ўзросту.
Спачатку боль, звязаны з урослым пазногцем, з’яўляецца пры датыканні да яго, а потым робіцца сталым. Гэта выклікае цяжкасці з надзяваннем шкарпэтак, абутку і нават з перасоўваннем. Паўстае хранічнае запаленне, а ў некаторых выпадках можа ўзнікнуць крывацёк. Гэта адбываецца, калі пазногаць пашкоджвае скуру і мягкія тканкі. Таму не варта недаацэньваць азначаную праблему, што найчасцей закранае вялікі палец ступы.
Існуе мноства метадаў лекавання ўрослых пазногцяў на нагах, у тым ліку і ў хатніх умовах. Аднак пры ўзмацненні болю, з’яўленні моцнага пачырванення і гною, а таксама павелічэнні набракання варта неадкладна звярнуцца да хірурга.
Прафесійная дапамога спецыяліста прадугледжвае карэкцыю каляпазногцевага валіка, яго пластыку. У працэсе працэдуры выконваецца высячэнне залішняй скуры і мягкіх тканак вакол пазногця. Маніпуляцыя выконваецца пад мясцовай анэстезіяй, таму ані шпіталізацыі, ані гэткіх абмежаванняў, як да прыкладу, на кіраванне аўтамабілем пасьля аперацыі – няма. Пасля накладання швоў і павязкі пацыент можа адразу адправіцца дадому.
Пластыка пазногцевага валіка з’яўляецца бяспечнай малаінвазіўнай працэдурай, якая вылучаецца высокай эфектыўнасцю і нізкай рызыкай ускладненняў.
Лекаванне падпазногцевага экзастозу
Падпазногцевы экзастоз уяўляе сабой дабраякаснае новаўтварэнне, якое развіваецца на пальцах рук, часцей ног з коснай і / ці храстковай тканкі, якое суправаджаецца запаленнем і дэфармацыяй пазногцевай пласціны.
Спачатку паталогію цяжка выявіць, бо яна фармуецца ў глыбокіх слаях скуры і не выклікае ніякіх сімптомаў. Першай характэрнай асаблівасцю з’яўляецца змена формы пазногця, што падштурхоўваецца ўверх пухлінай, якая паступова расце. Раней прыдатны абутак робіцца цесным. Акрамя эстэтычнага дэфекту і дыскамфорту экзастоз выклікае боль, асабліва пры руху канцавіны. На позніх стадыях, калі адбываецца адслаенне пазногця ад пазногцевага ложа і разбурэнне апошняга, боль робіцца невыносным. Каб гэтага не здарылася, варта як мага хутчэй звярнуцца да спецыяліста.
Пацыента часта накіроўваюць на рэнтген ступы дзеля пацвярджэння папярэдняга дыягназу хірурга. Слушная дыягностыка падпазногцевага экзастозу вельмі важная: у адваротным выпадку можа быць прызначанае неадэкватнае лекаванне і існуе рызыка паўторнага росту паталагічнага асяродка.
Стандартным лекаваннем падпазногцевага экзастозу з’яўляецца хірургічнае выдаленне пухліны шляхам мінімальна інвазіўнай аперацыі, якая выконваецца пад мясцовай анестэзіяй. Працэдура ажыццяўляецца такім чынам, каб выклікаць найменшае ўмяшанне ў тканкі: хірург імкнецца захаваць пазногцевую пласціну. У далейшым пазногцевае ложа можа быць адноўленае і пазногаць будзе спраўна расці. Мэта і вынік лекавання — поўнае пазбаўленне паталагічнай тканкі, аднаўленне правільнай структуры пазногця і тканак вакол яго.
Лекаванне параніхіі
Параніхія — гэта запаленне каляпазногцевага валіка, г. зн. скуры, якая пакрывае цэнтральную і бакавую часткі пазногця. Яно можа ўзнікнуць у любога чалавека, незалежна ад узросту, вакол пазногцяў на руках ці нагах. Хранічная параніхія (сімптомы могуць захоўвацца да шасці тыдняў) у большай ступені ўласцівая кабетам ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў і звычайна з’яўляецца на другім і першым пальцах ручыцы.
Да першых сімптомаў захворвання належаць пачырваненне пазногцевага валіка, пульсацыйны боль і набраканне тканак. Па меры прагрэсавання параніхіі пад скурай назапашваецца жаўтаваты гной, які выцякае з пухіра пры датыканні. Захворванне выклікае зніжэнне якасці жыцця пацыента праз моцны боль і дыскамфорт, звязаныя з выкананнем паўсядзённай дзейнасці. З гэтай прычыны надзвычай важныя ранняя дыягностыка і эфектыўнае лекаванне параніхіі.
Пры лёгкай форме захворвання дастаткова выкарыстання мясцовых антысептыкаў у выглядзе мазяў ці геляў. У больш сур’ёзных выпадках можа спатрэбіцца аператыўнае лекаванне метадамі амбулаторнай хірургіі: ускрыццё і дрэнаванне гнайніка, каб забяспечыць адцёк гною. Калі захворванне выкліканае ўрослым пазногцем на пальцы ступы, лекар можа парэкамендаваць выдаліць увесь пазногаць ці яго частку.
Хірургічнае лекаванне фурункулаў, атэромаў
Фурункулы — гэта гнойныя інфекцыі скуры, якія ўзнікаюць у валасяным фалікуле, потавай ці клуснай залозе. Прычынай іх з’яўлення на скуры выступаюць бактэрыі — найчасцей стафілакокі і стрэптакокі.
Фурункул нельга лічыць толькі касметычным дэфектам. У выніку дзеяння бактэрыяў адбываецца некроз навакольных тканак, выдзяляецца гной.
Важна не выціскаць і не выразаць фурункулы самастойна, бо гэта можа прывесці да распаўсюджання бактэрыяў і інфекцыяў. Асабліва гэта небяспечна ў выпадку ўзнікнення фурункулаў на твары.
Выдаленне фурункула — простая і даступная хірургічная працэдура. Хірург выконвае папярочны разрэз у верхняй частцы ўтварэння, што дазваляе дрэнаваць і выдаліць гнойнае змесціва. Дадзенае ўмяшанне дае магчымасць пазбавіцца фурункулаў і палепшыць ваш вонкавы выгляд.
Атэрома — гэта дабраякасная кіста падскурнай клуснай залозы, вядомая ў народзе як “тлушчак”. Увогуле, атэромы не нясуць небяспекі, аднак могуць выклікаць пэўны дыскамфорт, асабліва калі ўзнікаюць на бачных частках цела, напрыклад, на твары, шыі ці грудзях. Працэдура выдалення атэромы звычайна ўяўляе сабой кароткае і бязбольнае ўмяшанне ў межах амбулаторнай хірургіі. Гэта ідэальны варыянт для людзей, якія жадаюць хутка і эфектыўна пазбавіцца непрывабнага ўтварэння з мінімальнай рызыкай ускладненняў.
У Rclinic можна выдаліць і іншыя дабраякасныя новаўтварэнні скуры: папіломы, кандыломы, бародаўкі і да т. п. Магчымыя як традыцыйны спосаб выканання аператыўнага ўмяшання, так і лазернае або радыёхірургічнае выдаленне новаўтварэння. У любым выпадку маніпуляцыя адбываецца хутка, бяспечна, а часьцей нават бяскроўна! Пры неабходнасці выдаленыя тканкі адпраўляюць на гістапаталагічнае даследаванне, каб упэўніцца ў адсутнасці анкапаталогіі.
Працэдура зняцця пасляаперацыйных швоў таксама павінна выконвацца хірургам, прычым далёка не абавязкова тым, хто гэтую аперацыю выконваў (напрыклад, у выпадку аперацыі на якойсці паражніне). Звычайна швы здымаюць прыкладна праз 5–14 дзён пасля аперацыі ў залежнасці ад месца іх размяшчэння. У любым выпадку, варта арыентавацца на парады лекара, які выконваў тую аперацыю. Перад працэдурай доктар мусіць вызначыць, ці загаілася рана і ці няма бактэрыйнай інфекцыі. У выпадку інфікавання спецыяліст ачысціць рану, здыме швы, а затым прызначыць лекі, каб пазбегнуць сур’ёзных ускладненняў.
Правільнае і своечасовае зняцце швоў абсалютна бязбольнае і бяспечнае, яно таксама зніжае рызыку паўставання гіпертрафічных шнараў, інфікавання і іншых непажаданых рэакцыяў тканак.
Пасляаперацыйнае вядзенне пацыентаў
Як хутка вы вернецеся ў форму пасля аперацыі, залежыць ад шмат якіх фактараў, у тым ліку ад тыпу працэдуры, яе аб’ёму і зыходнага стану здароўя.
Неадкладна звярніцеся да свайго хірурга, калі вы заўважылі пагаршэнне вашага здароўя ці нейкія трывожныя сімптомы. Яны могуць уключаць у сябе высокую тэмпературу, крывацёк, прыпухласць, праблемы стрававальнай сістэмы, працяглую адсутнасць апетыту, боль, які не праходзіць пасля прыёму болепатольных, парушэнні мочавыпускання, гнойныя выдзяленні з пасляаперацыйнай раны і пачырваненне вакол яе.
Пасляаперацыйнае вядзенне пацыентаў Rclinic накіраванае найперш не на тое, каб купіраваць гэтыя і іншыя непажаданыя сімптомы, а каб іх не дапусціць. Дзеля гэтага пацыенту варта кіравацца ўсімі прызначэннямі хірурга.
Звяртаючыся да нас, вы можаце быць упэўненыя, што атрымаеце дапамогу менавіта тады, калі яна вам спатрэбіцца!