Пан-Пт: 08:00-21:00, Сб-Нд: 09:00-18:00 Мінск, вул. Варанянскага, 40

Неўралогія

Неўралогія

Падрабязней аб паслузе

Неўралогія — гэта найважнейшы кірунак медыцынскай навукі і практыкі, які займаецца прафілактыкай, дыягностыкай і лекаваннем захворванняў, выкліканых разнастайнымі парушэннямі ў функцыянаванні цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмы.

Ролю і значэнне нервовай сістэмы ў арганізме чалавека немагчыма перабольшыць. Яна выконвае мноства ключавых функцыяў, дзякуючы якім мы атрымліваем і аналізуем стымулы са знешняга свету і ад нашага ўласнага цела, рухаемся, адчуваем і арыентуемся ў прасторы. Пры парушэнні некаторых элементаў гэтай складанай і вельмі чуллівай сістэмы ў чалавека могуць з’явіцца рухальныя разлады, галаўны боль, страта свядомасці, кружэнне галавы, здранцвенне канцавінаў.

Самай вялікай праблемай, звязанай з дыферэнцыяцыяй і дыягностыкай неўралагічных захворванняў, з’яўляецца неспецыфічнасць іх сімптомаў. То-бок неўралагічныя сімптомы пацыента могуць быць праявай мноства разнастайных захворванняў, выкліканых не толькі збоем у функцыянаванні самой нервовай сістэмы ці развіццём канкрэтнага захворвання ў ёй ці ў галаўным мозгу, але і, напрыклад, разладамі апарату апоры і руху. Таксама гэтыя сімптомы могуць быць вынікам парушэнняў у другіх сістэмах арганізма, з якімі цесна звязаная нервовая сістэма. Вось найбольш распаўсюджаныя сімптомы, якія могуць сведчыць пра неўралагічныя захворванні:

  • боль невядомага паходжання;
  • парэстэзія — парушэнне чуллівасці скуры, якое суправаджаецца смыленнем, паколваннем, свербам;
  • частыя кружэнне галавы, парушэнні раўнавагі, страта свядомасці;
  • рухальныя разлады;
  • парушэнні сну;
  • разлады памяці і ўвагі;
  • парушэнні маўлення, нюху і смаку;
  • галаўны боль (мігрэнь, галаўны боль напружання, кластарны галаўны боль);
  • здранцвенне канцавінаў;
  • сэнсарныя разлады (у прыватнасці гіпестэзія і гіперэстэзія — зніжаная ці падвышаная чуллівасць да рэальных пацвяляльнікаў з вонкавага асяроддзя);
  • парушэнні каардынацыі рухаў, міжвольныя рухі (такія як трэмар, харэя ці міяклонус);
  • цяглічная слабасць, частыя сутаргі.

З’яўленне такіх сімптомаў, аднаго ці некалькіх адначасова, заўсёды павінна стаць нагодай для неадкладнага звароту да неўролага. Гэтаму ні пры якіх абставінах нельга не надаваць значэння ці тым больш ігнараваць падобныя праявы, асабліва калі яны пачынаюць узнікаць рэгулярна, паўтараюцца ў пэўнай паслядоўнасці ці становяцца больш заўважнымі літаральна з кожным днём.

У групу неўралагічных захворванняў (усяго іх налічваецца больш за 600) уваходзяць самыя разнастайныя паталогіі. Яны могуць быць выкліканыя траўмамі і ўзроставымі зменамі апарату апоры і руху; узнікаць у выніку бактэрыяльных атручэнняў і вірусных інфекцыяў, анкалагічных і судзінных захворванняў, псіхічных і неўратычных разладаў. У Rclinic можна атрымаць кансультацыйную і лекавальную дапамогу пры любой неўралагічнай паталогіі.

У першую чаргу гэта неўралагічныя праявы ўзроставых зменаў хрыбетніка і яго структур: хранічны боль, які ўзмацняецца пры фізічнай актыўнасці, рэзкі моцны боль пры руху, частыя мігрэні і кружэнне галавы, звон у вушах, адчуванне дыхавіцы, нястачы паветра і шмат якія яшчэ.

Нашыя спецыялісты таксама маюць вялікі досвед лекавання цэрэбраваскулярных захворванняў (судзінных захворванняў галаўнога мозгу), саматаформных вегетатыўных разладаў, пры якіх пацыент адчувае разнастайныя сімптомы парушэння работы ўнутраных ворганаў, але вынікі большасці аналізаў і дыягнастычных даследаванняў не выяўляюць ніякай паталогіі.

Самыя розныя неўралагічныя захворванні (прычым звязаныя не толькі з парушэннямі апарату руху і апоры) вельмі часта суправаджаюцца болевым сіндромам, таму выкананне лекавальнай блакады з’яўляецца найважнейшым складнікам іх тэрапіі. Такая працэдура прадугледжвае ўвядзенне болепатольных і процізапаленчых прэпаратаў непасрэдна да крыніцы болю. Выкананая кваліфікаваным неўролагам лекавальная блакада мае наступныя перавагі:

  • памяншае ці цалкам прыбірае боль, прадухіляючы яго рэцыдывы;
  • забяспечвае значнае зніжэнне дозы прэпаратаў, што ўводзяцца ў арганізм (у адрозненне, напрыклад, ад пераральнага прыёму болепатольных), а ў выніку памяншае рызыку ўскладненняў і пабочных эфектаў (праз лекавую нагрузку на печані, страўнік і да т. п.);
  • не пагаршае канцэнтрацыю ўвагі, не затарможвае пацыента (пасля працэдуры вы можаце кіраваць машынай і займацца ўсімі паўсядзённымі справамі), забяспечвае процізапаленчы эфект;
  • спрыяе верыфікацыі дыягназу, а таксама планаванню далейшага адпаведнага лекавання;
  • купіраванне болю ў некаторых выпадках дазваляе пазбегнуць непатрэбных працэдураў і аперацыяў.

Што адбываецца на кансультацыі неўролага?

Пасля дбайнага збору анамнезу лекар правярае наяўнасць міжвольных рухаў, рэфлекторных рэакцыяў, паставу канцавінаў, напружанне і моц цягліцаў, каардынацыю рухаў і правільную работу зрэнкаў. Пры неабходнасці прызначаюцца дыягнастычныя інструментальныя (ЭЭГ, МРТ хрыбетніка ці судзінаў галаўнога мозгу і інш.) і лабараторныя даследаванні. Неўролаг можа таксама накіраваць пацыента на кансультацыю да іншага спецыяліста, напрыклад, да нейрахірурга.

Неўралагічныя захворванні часта маюць схаваную форму, але яны вельмі падступныя, а іх лекаванне складанае і працяглае. Аднак пры слушнай дыягностыцы і своечасовай тэрапіі ў большасці выпадкаў можна замарудзіць іх прагрэсаванне, дамагчыся стану рэмісіі ці цалкам вылекавацца.

Калі кіравацца простымі рэкамендацыямі неўролага, звязанымі з адэкватнай фізічнай нагрузкай, гігіенай сну, правільным харчаваннем, трэніроўкай і развіццём кагнітыўных функцыяў, не толькі захаваецца і палепшыцца вашае здароўе, але і замарудзяцца працэсы старэння ўсяго арганізма, найперш галаўнога мозгу.